05 лютага 2025 года прайшла сустрэча работнікаў калектыву ЗАСТ «Прамтрансінвест» з прадстаўнікамі МНС Заводскага раёна. У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўнік унутранай службы Руслан Аляксандравіч Круковіч і старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю маёр унутранай службы Алена Андрэеўна Курачкіна.

Падчас сустрэчы закраналіся пытанні правіл пажарнай бяспекі ў побыце і на працоўных месцах, эксплуатацыі электрапрыбораў, а таксама дзеянняў у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі. Калектыву яшчэ раз нагадалі аб неабходнасці ўстаноўкі аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка ў сваіх домаўладаннях і ў пажылых бацькоў. Расказалі і пра бяспечнае выкарыстанне розных электронных прыстасаванняў, камп’ютараў, тэлевізараў і іншых электрычных прыбораў.
Не засталася па-за ўвагай і тэма страхавання. Бо многія няшчасныя выпадкі можна застрахаваць. Безумоўна, страхоўка не прадухіліць іх, але можа дапамагчы пакрыць расходы на лячэнне і аднаўленне пасля няшчаснага выпадку, рамонт аўта, кватэр, хат і іншай маёмасці.
Асобна спыніліся на пытанні забеспячэння пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі печаў. У буклеце можна азнаёміцца з метадычнымі рэкамендацыямі, распрацаванымі Навукова-даследчым інстытутам пажарнай бяспекі. Вельмі раім азнаёміцца! Можа ў вас печ складзена з парушэннямі, якія ў будучыні могуць прывесці да няшчаснага выпадку.
А вы ведаеце поўны спіс нумароў для званка ў МНС? Гэта 101, 112 і… 911 (ён таксама дзейнічае на тэрыторыі Беларусі).

І вядома, у завяршэнне мерапрыемства прысутным прадэманстравалі асноўныя навыкі карыстання вогнетушыцелем.

Сустрэча атрымалася інфарматыўнай і змястоўнай. Дзякуем Руслану Аляксандравічу і Алене Андрэеўне за праведзенае мерапрыемства і карысныя рэкамендацыі.
Дзелімся буклетамі ад МНС з патрэбнай і карыснай інфармацыяй:
Метадычныя рэкамендацыі аб забеспячэнні пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі печаў
Давайце разам паклапоцімся аб бяспечнай будучыні!
Дата публікацыі: 06.02.2025